ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

зямная прырода, частка геаграфічнай абалонкі, якая асвоена чалавекам, уключана ў грамадскую вытворчасць і з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства. Мае складаную структуру суадносін прыродных і антрапагенных кампанентаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, уздзейнічаюць адзін на аднаго і ўтвараюць складаныя сістэмы. Асаблівасці геаграфічнага асяроддзя выяўляюцца праз разнастайнасць прыродных умоў розных рэгіёнаў і краін (клімат, рэльеф, глебы, расліннасць і інш.), уздзейнічаюць на жыццё грамадства, вызначаюць характар і спосабы прыродакарыстання. Пастаяннае пераўтварэнне геаграфічнага асяроддзя пад уплывам чалавечай дзейнасці, насычанасць антрапагеннымі элементамі адбываюцца на працягу ўсяго жыцця чалавецтва, вызначаюць узровень гаспадаркі, паскараюць або запавольваюць яго развіццё. З расшырэннем сферы дзейнасці чалавека ў ходзе грамадскага развіцця і росту вытв. сіл геаграфічнае асяроддзе ахоплівае ўсё б.ч. геагр. абалонкі. Ва ўмовах навук.-тэхн. прагрэсу рэзка мяняецца сам змест адносін чалавека і геаграфічнага асяроддзя. Дзейнасць чалавека прыводзіць да забруджвання навакольнага асяроддзя і ўплывае на механізм самарэгуляцыі ў прыродзе. Таму перад чалавецтвам усё больш востра паўстаюць праблемы экалогіі, устанаўлення гарманічных адносін грамадства і геаграфічнага асяроддзя. Для ацэнкі стану і якасці геаграфічнага асяроддзя выкарыстоўваецца тэрмін прыроднае асяроддзе.

В.С.Аношка.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)